Сустрэцца з Таццянай Яцук мне пашчасціла гадоў дваццаць таму назад у СШ №4 г. Баранавічы (дзе яна і цяпер працуе) на вечарыне, прысвечанай угодкам Валянціна Таўлая, на якую мяне запрасіла стваральніца музея Алена Яхант. Аказалася, што мы ўсе ўтраіх зямлячкі, родам з-пад Свіцязі, а галоўнае – Таццяна зачаравала, узяла ў палон сваімі вершамі. З якой цеплынёй, пяшчотай і замілаваннем піша яна пра жанчын, шчасце, дабрабыт, якія сталі сэнсам жыцця:
Выдае патрэбныя дэкрэты,
А паглядзіш—ну, зусім дзяўчо.
Я малюся ўсім святым планеты:
Дайце ёй надзейнае плячо,
Каб яна магла, хоць на хвіліну
Ад жыццёвых клопатаў спачыць.
Дзелавая, мудрая жанчына,
Тая, што жадае свет змяніць.
(верш “Дзелавая жанчына»)
Праблемы дабра і зла, вечнасці і рухомасці быцця, сэнсу чалавечага жыцця хвалююць нашу творцу, і гэта яскрава відаць з радкоў яе вершаў: «Валошкавыя сны»
Гучыць туга пранізлівым напевам,
Жыццё зваёўваючы пакрысе.
Хоць моцна голле звязанае з дрэвам,
Ды ў адзіночку крыж яно нясе.
(верш “Галінка на сцюжы”)
Аўтарка са шчырай любоўю піша пра сваю Бацькаўшчыну, яе хвалюе будучае нашчадкаў, рост бездухоўнасці і ўвогуле лёс усёй нашай планеты Зямля:
І з картай лёсаў гораччу расшытай
Шукаем паратунак у святых.
Здаецца, што зямля сышла з арбіты,
І зрок згубіла, і згубіла слых.
Дастукацца б да сэрцаў скамянелых,
Даплакацца б да душаў нежывых,
З-пад ручнікоў каб васількова-белых
Благаслаўлёна глянуў лік святы.
(верш “Зямля заходзіцца ад болю”)
Паэзія Таццяны Яцук — гэта жывая, крынічная, мудрая размова вопытнага, прачулага мастака слова, творцы яркага, таленавітага, самабытнага. Як творчая асоба, Таццяна Яцук вельмі хвалюецца лёсам і цяперашнім станам беларускай мовы, праблемамі духоўнага адраджэння нашага народа.
Мінулае ніколі не пакіне,
Як ажылі ў Полацку двары.
Праз час мяне гукае Еўфрасіння
І кліча на задворныя муры ‘
(верш “Мінулае ніколі не пакіне”)
Паэтка знайшла сябе ў сям’і і ў культурна-асветніцкай працы — гэта тое, дзеля чаго жыве чалавек, бо толькі шчырае сямейнае жыццё і адчуванне грамадскасці робіць усіх нас па-сапраўднаму шчаслівымі. Прыгожая і лагодная, спадарыня Таццяна не можа не закрануць у сваёй творчасці тэму кахання, да якой звярталіся ўсе паэты.
І дарагім крышталем луг засвеціцца,
Ты надыход яго цяплом вянчай.
Заваражы мяне чаромхі квеценню
І салаўіным спевам прыручай
(Верш “Заваражы”)
Аўтарка заклікае людзей быць больш шчырымі, адкрываць насцеж свае сэрцы, каб напоўніць іх мудрасцю, пяшчотай, радасцю, добрымі ўчынкамі, бо толькі дабрыня ўратуе свет.
Я з вялікім задавальненнем чытаю вершы Таццяны Яцук, смакуючы кожнае слова, кожны радок, кожны новы незвычайны вобраз. Душа напаўняецца чысцінёй і пяшчотай, вершы кранаюць мяне сваёю шчырасцю і прымушаюць задумвацца над самымі, здавалася б, звычайнымі рэчамі, пераасэнсоўваць некаторыя з’явы рэчаіснасці, па-новаму адкрываць для сябе навакольную прыгажосць, па-новаму ўспрымаць жыццёвыя праблемы. Некалькі хвілін сяджу ў задуменні. А пасля ў маёй душы нараджаюцца радочкі, якія, на мой погляд, найлепш характарызуюць творчасць паэткі:
З крыніцы прахалоды зачарпне,
Іскрыстасці ў сонечных праменняў.
Басанож травы росныя прымне.
Перад вясёлкаю застыне ў захапленні.
Убачыць тое, што другому “не дано”.
Адчуе сэрцам, што другiм непадуладна.
І зашчыруе верш на палатно,
На белы аркуш
Мудра. Трапна. Складна.
Раіса Раманчук,
сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў
Понравилась статья - поделитесь ей с друзьями!


